Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Юрий Кот /

Ноччу 27 жніўня 1952 года ў Налібоцкую пушчу з парашутамі спусціліся чацвёра: Цімафей Вострыкаў, Генадзь Касцюк, Міхаіл Кальніцкі і Міхаіл Арцюшэўскі. Завербаваных ЦРУ беларусаў-эмігрантаў наспех навучылі асновам разведкі і дэсантавалі ў БССР з заданнем стварыць у краіне антысавецкае падполле. Пакуль гэтая маленькая група спрабавала выжыць у лесе і наладзіць сувязь з Вашынгтонам, амерыканская разведка спрабавала весці сусветную ценявую вайну супраць камунізму — ад Рыма да Пхеньяна. Але амаль усюды ні да чаго добрага гэта не прыводзіла. Расказваем падрабязнасці ў трэцім артыкуле цыкла «Пасланыя на смерць» пра аперацыю AEQUOR, якую ЦРУ праводзіла ў Беларусі ў 1950-я.

Юрый Кот. Фота з асабістага архіваАўтар цыкла — Юрый Кот, выпускнік гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, даўно жыве ў ЗША. Яго захапленне — дакументальная літаратура, Юрый вядзе кніжны блог. Сфера асаблівай цікавасці — пасляваенная гісторыя ЗША, гісторыя спецслужбаў. Спецыяльна для «Люстэрка» Юрый Кот напісаў гэты матэрыял, заснаваны на рассакрэчаных дакументах з архіваў ЦРУ і кнігах аўтарытэтных амерыканскіх аўтараў-дакументалістаў.

У гэтай частцы, акрамя іншага, выкарыстаныя звесткі з кніг:

  • Скот Андэрсан: «Ціхія амерыканцы: чатыры шпіёны ЦРУ на світанні халоднай вайны» (Scott Anderson. The Quiet Americans: Four CIA Spies at the Dawn of the Cold War — a Tragedy in Three Acts). 2020;
  • Цім Вайнер (лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі, журналіст The New York Times): «Спадчына попелу: гісторыя ЦРУ» (Tim Weiner. Legacy of Ashes: The History of the CIA). 2007.

Рэдакцыя правяла праверку фактаў і падрыхтавала матэрыял да публікацыі.

Заданне

Місія першага агента, якога закінулі ў 1951 годзе, правалілася: Янку Філістовіча злавілі і пасля расстралялі. Але гэтая няўдача не змусіла ЦРУ спыніцца. Другая група (AEQUOR-II) мела прыкладна тую ж асноўную задачу: наладзіць сувязь з мясцовым антыкамуністычным падполлем і развіць яго, а калі яго не было — стварыць. А таксама здабываць карысную для заходніх спецслужбаў інфармацыю і рыхтаваць апорную інфраструктуру на выпадак магчымай вайны з СССР.

Згодна з планам аперацыі, група мусіла стварыць у беларускіх лясах базу, на якой будуць пастаянна жыць і трымаць сувязь з ЦРУ радысты Кальніцкі і Арцюшэўскі. А Вострыкаву і Касцюку трэба было легалізавацца па падробленых дакументах, уладкавацца на звычайную працу і паціху вербаваць беларусаў, незадаволеных савецкай уладай. Да вясны 1953 года ЦРУ разлічвала вырасціць з гэтага ядра паўнавартасную падпольную арганізацыю — за кошт вербавання людзей на месцы і новых агентаў-беларусаў, закінутых з Германіі.

Першая на ратаванне

Пакуль чацвёра маладых дыверсантаў уладкоўваліся ў Налібоцкай пушчы, ЦРУ вяло такую ж з пункту гледжання метадаў, але непараўнальна больш маштабную кампанію супраць камуністычнага ўплыву ва ўсім свеце.

Пачалося ўсё з Італіі. У 1948 годзе мясцовая кампартыя мела рэальныя шанцы перамагчы на парламенцкіх выбарах, і ў Вашынгтоне гэтага сур’ёзна асцерагаліся: Белы дом не хацеў ні ператварэння Італіі ў паліцэйскую дзяржаву, ні страты найстаражытнейшага цэнтра заходняй цывілізацыі. А католікі ва ўсім свеце баяліся, што Святы пасад трапіць пад уладу «бязбожнікаў».

Для барацьбы з кампартыяй патрабаваліся наяўныя — шмат наяўных. Але аперацыя па напампоўванні грашыма яе апанентаў не была ўхваленая ні Радай нацыянальнай бяспекі, ні Кангрэсам ЗША, з самага пачатку яна была нелегальнай. Адказны за сакрэтныя аперацыі ЦРУ Ален Далес і міністр абароны Джэймс Форэстал выпрошвалі сродкі ў нью-ёркскіх і вашынгтонскіх банкіраў, прамыслоўцаў і палітыкаў, але іх усё роўна не хапала, і ў ход пусцілі фонд, прызначаны на аднаўленне Еўропы. Мільёны даляраў лінулі на рахункі багатых амерыканцаў італьянскага паходжання, а адтуль — у арганізацыі сфармаванага ЦРУ антыкамуністычнага палітычнага фронту.

Джэймс Форэстал, першы міністр абароны ЗША (1947–1949, раней гэтай пасады не існавала). Фота: Wikimedia Commons
Джэймс Форэстал, першы міністр абароны ЗША (1947−1949, раней гэтай пасады не існавала). Фота: Wikimedia Commons

Джэймс Энглтан, які тады ўзначальваў рэзідэнтуру ЦРУ ў Рыме, успамінаў, як амерыканцы літаральна набівалі купюрамі торбы, а падкантрольныя супрацоўнікі італьянскіх спецслужбаў перадавалі гэтыя грошы правацэнтрысцкім палітыкам і каталіцкім святарам. Паралельна ў газетах і на радыё разгарнулі прапагандысцкую кампанію па дэманізацыі кампартыі.

18 красавіка 1948 года Хрысціянска-дэмакратычная партыя атрымала трыумфальную перамогу на выбарах. Італія была выратаваная ад віруса камунізму.

Перадвыбарчы плакат у Італіі, 1948 год. Шчыт хрысціянскай дэмакратыі ратуе Італію з яе каштоўнасцямі «Радзіма, сям'я, свабода» ад сярпа і молата. Заклік: «Абарані мяне!» Крыніца: reddit.com
Перадвыбарчы плакат у Італіі, 1948 год. Шчыт хрысціянскай дэмакратыі ратуе Італію з яе каштоўнасцямі «Радзіма, сям’я, свабода» ад сярпа і молата. Заклік: «Абарані мяне!» Крыніца: reddit.com
Перадвыбарчы плакат у Італіі, 1948 год, заклікае галасаваць, каб абараніць плён сваёй працы. На плакаце кастлявыя рукі камунізму цягнуцца да шчаслівай Італіі. Крыніца: neverwasmag.com
Перадвыбарчы плакат у Італіі, 1948 год, заклікае галасаваць, каб абараніць плён сваёй працы. На плакаце кашчавыя рукі камунізму цягнуцца да шчаслівай Італіі. Крыніца: neverwasmag.com
Перадвыбарчы плакат у Італіі, 1948 год, заклікае матак выратаваць сваіх дзяцей ад бальшавізму і прагаласаваць за хрысціянскіх дэмакратаў. Крыніца: neverwasmag.com
Перадвыбарчы плакат у Італіі, 1948 год, заклікае маці выратаваць сваіх дзяцей ад бальшавізму і прагаласаваць за хрысціянскіх дэмакратаў. Крыніца: neverwasmag.com

Пастка

Наступнай мусілі выратаваць Польшчу — але гэтым разам усё пайшло інакш. Пасля вайны там дзейнічала падпольная антыкамуністычная арганізацыя «Свабода і незалежнасць» (Wolność i Niezawisłość, WiN). Два гады яе ўдзельнікі ладзілі засады на савецкіх вайскоўцаў і чыноўнікаў, забівалі мясцовых інфарматараў і калабарантаў. Аднак да канца 1947 года польскі ўрад, спрытна жанглюючы палітыкай пугі і перніка — амністыя тым, хто здаўся, і жорсткая расправа над упартымі, — здолеў разграміць арганізацыю.

Так, прынамсі, думалі на Захадзе, пакуль у 1949 годзе адзін з камандзіраў WiN, Стэфан Сенька, не выйшаў на сувязь з абнадзейлівай весткай: арганізацыя хоць і абяскроўленая, але жывая і гатовая змагацца далей. Паводле яго, у Польшчы засталося ядро з пяцісот актыўных байцоў, дваццаць тысяч рэзервістаў і сто тысяч тых, хто падтрымлівае ідэю і гатовы ўзяцца за зброю. Неўзабаве, нібы ў пацверджанне гэтых словаў, адна са справаздач ЦРУ за жнівень 1950 года паведаміла пра вялікую перастрэлку на поўдзень ад Варшавы.

Разбураная Варшава, студзень 1945 года, — горад аднаўляўся яшчэ шмат гадоў пасля вайны. Фота: Wikimedia Commons
Разбураная Варшава, студзень 1945 года, — горад аднаўляўся яшчэ шмат гадоў пасля вайны. Фота: Wikimedia Commons

Ужо ўвосень ЦРУ пачало скідваць з самалётаў першую дапамогу падпольшчыкам. Але кіраўнік Упраўлення палітычнай каардынацыі ЦРУ Фрэнк Візнэр лічыў яе аб’ём недастатковым (менавіта УПК праводзіла сакрэтныя аперацыі і дыверсіі за мяжой). І з лістапада 1950 года нямецкі аддзел УПК наладзіў ужо бесперапынны паток агентаў, зброі, боепрыпасаў, радыёстанцый і грошай.

Данясенні з Польшчы акрылялі: антыкамуністычнае падполле шырылася, фармаваліся ўсё новыя ячэйкі. Пасля адной асабліва трыумфальнай справаздачы задаволены Візнэр усклікнуў, што паўстанцам не хапае толькі супрацьтанкавых стрэльбаў, каб выціснуць Чырвоную армію з Варшавы.

Усё аказалася падманам — старанна спланаванай пасткай савецкай і польскай дзяржбяспекі. 27 снежня 1952 года варшаўскае радыё перадало «пакаяльны» эфір, у якім злоўленыя агенты ЦРУ прызнаваліся ў «злачыннай антыпольскай дзейнасці». Усе агенты і тыя, з кім яны выходзілі на кантакт, — дзясяткі людзей, — былі забітыя ці арыштаваныя. Ніякага антыкамуністычнага падполля не існавала, а Стэфан Сенька ўвесь гэты час працаваў на польскія спецслужбы. Гады падрыхтоўкі і мільёны даляраў пайшлі прахам, чалавечыя лёсы былі зламаныя дарэмна. Зброя, радыёстанцыі, прылады падслухоўвання, грошы, залатыя зліткі — усё апынулася ў руках савецкіх і польскіх спецслужбаў. Нібы насміхаючыся з амерыканцаў, частку гэтых грошай потым перадалі Камуністычнай партыі Італіі.

«Самазабойчыя місіі»

Бітву з камунізмам ЦРУ разгарнула не толькі ў Еўропе. З 1950 да 1953 года ў Карэі ішла вайна паміж Поўначчу і Поўднем: на баку першай ваявалі СССР і Кітай, на баку другога — ЗША і ААН. Таму гэты рэгіён быў у асаблівым фокусе амерыканскай разведкі.

У пачатку 1951 года УПК Візнэра пачало рыхтаваць сотні карэйскіх і кітайскіх дыверсантаў для закідвання ў Паўночную Карэю і Маньчжурыю (гістарычную вобласць на паўночным усходзе Кітая, якая мяжуе з Карэяй і Расіяй, дзе раней у народа маньчжураў была ўласная дзяржава).

Увесну 1200 карэйскіх бежанцаў сабралі на востраве ў бухце Пусан, правялі кароткае навучанне і сфармавалі тры брыгады з некалькіх дзясяткаў партызанскіх атрадаў. Цягам наступных месяцаў іх закідвалі з парашутамі на тэрыторыю ворага. У 1952-м у Паўночную Карэю адправілі яшчэ 1500 дыверсантаў.

Карэйская дзяўчынка-бежанка нясе дзіця (брата) на спіне міма спыненага танка M-46. Хэнджу, Карэя, 9 чэрвеня 1951 года. Фота: Wikimedia Commons
Карэйская дзяўчынка-бежанка нясе дзіця (брата) на спіне міма спыненага танка M-46. Хэнджу, Карэя, 9 чэрвеня 1951 года. Фота: Wikimedia Commons

Ніхто з іх не вярнуўся, піша Цім Вайнер у сваёй кнізе, заснаванай на рассакрэчаных архівах. Тысячы людзей проста загінулі або, захопленыя, зазналі катаванні і былі пакараныя смерцю. Усе місіі праваліліся.

Не больш паспяховымі былі справы і ў Кітаі: з 212 агентаў, закінутых у Маньчжурыю для распальвання паўстання, 101 быў забіты і 111 — злоўленыя.

Гэтыя аперацыі былі не толькі неэфектыўныя, але і маральна непрымальныя. Адзін з афіцэраў ЦРУ ўспамінаў: «Большасць гэтых місій не былі разведвальнымі. Закінутыя агенты мусілі папоўніць шэрагі няісных або выдуманых груп супраціву. Гэта былі самазабойчыя місіі. Самазабойчыя і безадказныя».

Яшчэ адзін афіцэр таксама сцвярджаў, што ўся разведвальная інфармацыя, атрыманая ад агентаў з КНДР, была сфабрыкаваная паўночнакарэйскімі і кітайскімі спецслужбамі.

Аднак гэтыя правалы і гібель тысяч чалавек не змусілі ЦРУ адмовіцца ад сваіх метадаў.

Ален Далес, першы дырэктар цэнтральнай разведкі ЗША (1953–1961). Фота: Library of Congress / Wikimedia Commons
Ален Далес, першы дырэктар Цэнтральнай разведкі ЗША (1953−1961). Фота: Library of Congress / Wikimedia Commons

Перавароты ад ЦРУ

Далей адразу пайшлі змовы па зрынанні законных урадаў Ірана і Гватэмалы — у 1953 і 1954 гадах адпаведна.

У Іране новы прэм’ер Махамед Масадык, абраны за два гады да гэтага, правёў рэформы і нацыяналізаваў нафтаздабычу, якая раней кантралявалася брытанцамі. Тыя абвясцілі байкот мясцовай нафце, у Іране пачаўся крызіс. Баючыся, што краіна развернецца да СССР, спецслужбы Брытаніі і ЗША правялі аперацыю «Аякс» (TPAJAX) па дэстабілізацыі, выкарыстаўшы незадаволенасць грамадзян на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі. Падкупляліся палітыкі, святары і журналісты, арганізоўваліся платныя мітынгі, нагняталіся абвінавачанні ў адрас прэм’ера (зрэшты, ён таксама рабіў сваю палітыку больш жорсткай; ёсць меркаванне, што намаганні спецслужбаў толькі падштурхнулі пераварот, які і так наспяваў).

Сустрэча прэзідэнта ЗША Гары Трумэна і прэм'ер-міністра Ірана Махамеда Масадыка. Вашынгтон, ЗША, 23 кастрычніка 1951 года. Фота: Wikimedia Commons
Сустрэча прэзідэнта ЗША Гары Трумэна і прэм’ер-міністра Ірана Махамеда Масадыка. Вашынгтон, ЗША, 23 кастрычніка 1951 года. Фота: Wikimedia Commons

У выніку Масадык быў адхілены і арыштаваны, а ўлада перайшла да шаха Махамеда Рэзы Пехлеві, які вярнуў нафтаздабычу заходнім кампаніям на нявыгадных для Ірана ўмовах і ўсталяваў аўтарытарны рэжым.

У Гватэмале прэзідэнт Хакоба Арбенс, які прыйшоў да ўлады ў 1951-м, правёў аграрную рэформу, якая ішла ўразрэз з інтарэсамі амерыканскай карпарацыі United Fruit Company. Тая валодала велізарнымі тэрыторыямі ў краіне, але пасля рэформы пачала іх страчваць. У кампаніі былі сувязі ва ўрадзе ЗША. Дзяржсакратар Джон Фостэр Далес і яго брат, цяпер ужо дырэктар ЦРУ Ален Далес, раней нават былі суўладальнікамі юрыдычнай фірмы, якая вяла справы United Fruit у Вашынгтоне. На іх параду прэзідэнт ЗША Эйзенхаўэр аўтарызаваў аперацыю ЦРУ «Поспех» (PBSuccess).

Хакаба Арбенс Гусман, які ўзначальваў Гватэмалу з 1951 года. Гватэмала, 1951 год. Фота: Wikimedia Commons
Хакоба Арбенс Гусман, які ўзначальваў Гватэмалу з 1951 года. Гватэмала, 1951 год. Фота: Wikimedia Commons

Арбенса пачалі абвінавачваць у камуністычных сімпатыях. У Гватэмале была запушчаная прапаганда, створаная бачнасць вялікага паўстанцкага руху (у рэальнасці ЦРУ ўзброіла толькі атрад наймітаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Карласа Кастылья Армаса), праведзеныя кропкавыя бамбардаванні гарадоў. У выніку Арбенс быў вымушаны пайсці ў адстаўку і пакінуць краіну, а да ўлады прыйшла вайсковая хунта на чале з тым самым Кастылья. Карпарацыі UFC вярнулі яе землі.

Прэзідэнт ЗША Дуайт Эйзенхаўэр (злева) і дзяржсакратар Джон Фостэр Далес, старэйшы брат дырэктара ЦРУ Алена Далеса і адзін з ініцыятараў перавароту ў Гватэмале, 1956 год. Фота: Wikimedia Commons
Прэзідэнт ЗША Дуайт Эйзенхаўэр (злева) і дзяржсакратар Джон Фостэр Далес, старэйшы брат дырэктара ЦРУ Алена Далеса і адзін з ініцыятараў перавароту ў Гватэмале, 1956 год. Фота: Wikimedia Commons

Гэтыя аперацыі ў моманце былі паспяховыя для ЦРУ і натхнілі амерыканскія ўлады на іншыя падобныя ўмяшанні ў розных краінах. Але ў далейшым прывялі да найцяжэйшых наступстваў.

У Іране гадамі тлела незадаволенасць, людзі рабіліся ўсё бяднейшымі, рос нацыяналізм у звязцы з рэлігійнасцю ў супрацьвагу свецкай уладзе. Усё гэта выбухнула ў 1979 годзе Ісламскай рэвалюцыяй. Аяталы ўтрымліваюць уладу дагэтуль, што стала катастрофай для грамадзянаў Ірана, краіну раз за разам скаланаюць пратэсты, якія заканчваюцца жорсткім здушэннем. За дзесяцігоддзі там ад пакаранняў смерцю і пазасудовых расправаў загінулі як мінімум дзясяткі тысяч дысідэнтаў, не менш іх кінулі ў турмы, правы чалавека ў цэлым і асабліва правы жанчын моцна абмежаваныя.

У Гватэмале ж на дзесяцігоддзі запанавала чарада жорсткіх дыктатур, 36 гадоў доўжылася крывавая грамадзянская вайна. Паводле ацэнак праваабарончых арганізацый, з 1954 да 1990 года дзеянні рэпрэсіўных вайсковых рэжымаў прывялі да гібелі больш чым 100 000 мірных жыхароў.

«Слаўная перамога» (Gloriosa Victoria), карціна Дыега Рыверы, 1954 год — алегарычнае адлюстраванне перавароту ў Гватэмале. У цэнтры — палкоўнік Карлас Кастыльё Армас паціскае руку дзяржсакратару ЗША Джону Фостэру Далесу, які трымае бомбу з тварам прэзідэнта Эйзенхаўэра; за спіной Далеса — амерыканскі пасол Джон П'юрыфой і дырэктар ЦРУ Ален Далес, які шэпча нешта на вуха брату. Ля іх ног — целы загінулых падчас перавароту. Манументальная карціна памерам 2,6 на 4,5 метра знаходзіцца ў Пушкінскім музеі ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons
«Слаўная перамога» (Gloriosa Victoria), карціна Дыега Рыверы, 1954 год — алегарычнае выяўленне перавароту ў Гватэмале. У цэнтры палкоўнік Карлас Кастылья Армас паціскае руку дзяржсакратару ЗША Джону Фостэру Далесу, які трымае бомбу з тварам прэзідэнта Эйзенхаўэра; за спінай Далеса — амерыканскі амбасадар Джон П’юрыфой і дырэктар ЦРУ Ален Далес, які шэпча нешта на вуха брату. Ля іх ног — целы загінулых падчас перавароту. Манументальная карціна памерам 2,6 на 4,5 метра знаходзіцца ў Пушкінскім музеі ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons

Беларусь і першыя радыёграмы

Аперацыя AEQUOR у планах ЦРУ была значная для процідзеяння СССР і як частка падрыхтоўкі да магчымай вайны з ім. Але на фоне такога глабальнага размаху беларуская лінія выглядала сціпла — асабліва калі раптам замоўкла. 31 жніўня 1952 года, праз некалькі дзён пасля высадкі, група Вострыкава перадала дзве радыёграмы і знікла з эфіру.

Цімафей Вострыкаў. Фота: radabnr.org
Цімафей Вострыкаў. Фота: radabnr.org

Наступным разам група падала прыкметы жыцця толькі 10, потым 16, 22 лістапада і 7 снежня. Але замест асноўнага радыста Міхаіла Кальніцкага радыёграмы нязменна перадаваў другі радыст, Міхаіл Арцюшэўскі. Паводле паведамленняў, 9 верасня Кальніцкі, Касцюк і Арцюшэўскі выпадкова сутыкнуліся ў лесе з невядомымі ўзброенымі людзьмі. У перастрэлцы асноўны радыст Міхаіл Кальніцкі быў цяжка паранены і на наступны дзень памёр. А Вострыкаў у гэты час быў на разведвальным заданні і ацалеў.

Аналізуючы радыёграмы, амерыканцы ўсё часцей заўважалі ў іх прыкметы таго, што група працуе не сама па сабе, а пад кантролем савецкага Міністэрства дзяржбяспекі (будучы КДБ). Але дакладных доказаў не было, упэўненасці таксама. ЦРУ не заставалася нічога, акрамя як чакаць.

Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

Кадравы голад

Большую частку дакументаў AEQUOR восені 1952 года складаюць справаздачы па выдаткаванні сродкаў: амерыканцы працягвалі фінансаваць газету Рады БНР «Бацькаўшчына» і сатырычны часопіс «Шэршань». А заадно думалі, што рабіць з кадравым голадам. Куратарам вербавання, нагадаем, быў актывіст Рады БНР Барыс Рагуля, і ў ЦРУ былі незадаволеныя яго няздольнасцю знайсці новых прыдатных кандыдатаў і пры гэтым занадта вольным абыходжаннем з грашыма агенцтва.

Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

Ад безвыходнасці другі шанц далі Міколу Абрамчыку, які жыў у Францыі, — пляменніку і поўнаму цёзку кіраўніка Рады БНР. Раней, падчас першага адбору, яго забракавалі, нягледзячы на настойлівыя рэкамендацыі яго дзядзькі. Гэты раз аказаўся не лепшым. Абрамчык-малодшы зноў не прайшоў выпрабавання на паліграфе, хадзілі чуткі пра яго службу ў СС падчас вайны і пра сувязі з французскай контрразведкай, а яго псіхалагічны партрэт не дапускаў магчымасці працы ў камандзе. Нягледзячы на ўсё гэта, Міколу ўзялі ў праграму з выпрабавальным тэрмінам і пачалі навучаць радыёсувязі.

У кастрычніку таго ж 1952 года Барыс Рагуля нарэшце прызнаў, што ў яго больш няма прыдатных для праграмы кандыдатаў. ЦРУ перамясціла фокус на Абрамчыка-малодшага і ідэю стварэння кадравай школы на базе беларускага цэнтра пры Лёвенскім універсітэце ў Бельгіі. Амерыканцы наракалі, што маладыя беларусы, якія пажылі на Захадзе, не спяшаліся рызыкаваць сабой дзеля вяртання ў СССР, а такая школа мусіла дапамагчы пераканаць іх і натхніць на барацьбу супраць камунізму і за незалежнасць роднай Беларусі.

Фрагменты дакументаў аперацыі AEQOUR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

Тады ж з прапановай дапамагчы з вербаваннем да ЦРУ звярнуўся Радаслаў Астроўскі, кіраўнік Беларускай цэнтральнай рады, якая канкуравала з Радай БНР за ролю лідара дэмсіл і прадстаўніка беларусаў-эмігрантаў. Амерыканцы спярша пагадзіліся, але пазней канчаткова адмовіліся ад працы з кіраўніком БЦР, даведаўшыся пра яго сувязі з брытанскай разведкай.

Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

Сакрэт Палішынеля

Пакуль у кабінетах вырашалі кадравыя пытанні, лёс групы па сутнасці заставаўся невядомым: дакументы аперацыі за 1953 год не гавораць практычна нічога новага пра трох агентаў у Беларусі. Архіў за гэты перыяд — нібы бюракратычная карусель: адны і тыя ж раздзьмутыя звесткі без асаблівых змен вандруюць з рапарта ў рапарт. Складваецца ўражанне, што беларусы, якія супрацоўнічалі з ЦРУ, выдатна разумелі нерэалістычнасць ідэі ўзброенага падполля ў БССР і проста бралі ў амерыканцаў грошы на грамадскія і асабістыя патрэбы. А адказныя за праграму афіцэры, не атрымаўшы чаканага выніку, страцілі да яе ўсякую цікавасць і толькі перапісвалі старыя справаздачы, злёгку іх абнаўляючы.

У снежні 1953 года прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык (старэйшы) прыехаў у Вашынгтон на сустрэчу з кіраўніцтвам праграмы. Бакі абмяняліся ўзаемнымі папрокамі: Абрамчык абвінаваціў ЦРУ ў слабай падрыхтоўцы агентаў, ЦРУ абвінаваціла яго і Раду БНР у няздольнасці знайсці годных людзей, — і на гэтым сустрэча завяршылася.

1954 год пачаўся з непрыемнага адкрыцця: ЦРУ выявіла поўнае грэбаванне правіламі бяспекі ў беларускім студэнцкім цэнтры Лёвена, які знаходзіўся пад кантролем Рады БНР. Там ніхто і не думаў захоўваць канспірацыю. Супрацоўніцтва Рагулі, Абрамчыка і іншых прадстаўнікоў беларускай дыяспары з амерыканскай разведкай, выкарыстанне студэнцкага цэнтра для вербавання кадраў, нават імёны агентаў, закінутых у БССР, — усё было сакрэтам Палішынеля, дыяспара адкрыта абмяркоўвала гэта. У такіх умовах звесткі рана ці позна непазбежна дайшлі б да савецкіх спецслужбаў.

Фрагменты дакументаў аперацыі AEQOUR з рассакрэчаных архіваў. С-2 - Барыс Рагуля. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. С-2 — Барыс Рагуля. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Гаворка пра парушэнне сакрэтнасці ў Лёвенскім беларускім цэнтры. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Гаворка пра парушэнне сакрэтнасці ў Лёвенскім беларускім цэнтры. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

У выніку ўжо вясной ЦРУ згарнула частку праграмы, звязаную з падрыхтоўкай новых агентаў, разарвала адносіны з Барысам Рагулем і спыніла фінансаванне «Шэршня». Аднак пра спыненне аперацыі на «зямлі» не магло быць і гаворкі: у яе ўклалі занадта шмат сіл, напісалі занадта шмат дакументаў з абяцаннямі вынікаў, а дыверсанты ўсё яшчэ заставаліся і трымаліся дзесьці ў беларускім лесе — так думалі ў ЦРУ.

Раптоўны абрыў

Тым часам сувязь з групай у Беларусі заставалася стабільнай. Да сакавіка 1954 года ЦРУ атрымала ад яе ўжо 36 радыёграм пра стан справаў і настроі мясцовых жыхароў. Вострыкаў да таго часу, паводле яго словаў, легалізаваўся ў Баранавічах, а Касцюк з Арцюшэўскім жылі на лясной базе каля вёскі Камень пад Валожынам.

Аднак гэта значыла, што для выхаду на сувязь з амерыканцамі Вострыкаву кожны раз даводзілася выязджаць з Баранавічаў і дабірацца да лесу — рызыкоўная справа сама па сабе, яго маглі заўважыць. ЦРУ перадала групе адрас у Берліне і паведаміла, што далейшая камунікацыя будзе праходзіць з дапамогай тайнапісу. Група заставалася пад падазрэннем, але неабвержных доказаў таго, што яе кантралюе савецкае МДБ, у амерыканцаў па-ранейшаму не было.

Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагменты дакументаў аперацыі AEQUOR з рассакрэчаных архіваў. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

Пачынаючы з 1953 года ў перапісцы ЦРУ час ад часу ўсплывала ідэя вывезці Цімафея Вострыкава на Захад. Ён быў адзіным з дакументамі і мог свабодна перамяшчацца, а база мела патрэбу ў яго досведзе і атрыманых у БССР звестках для падрыхтоўкі новых агентаў. Праўда, кожны раз, калі гэта абмяркоўвалася, у дакументах пазначалі, што Цімафею трэба будзе прыбыць у Карэла-Фінскую ССР, перайсці мяжу каля Балтыйскага мора і апынуцца ў Нарвегіі. І гэта прытым што Карэла-Фінская ССР межавала зусім не з Нарвегіяй, а з Фінляндыяй. Ці то памылка, ці то няведанне геаграфіі, але за гады працы над праектам ніхто ў ЦРУ гэтага так і не заўважыў.

Эксфільтрацыю Вострыкава планавалі на 1955 год. Але 7 студзеня, у 65-й па ліку радыёграме, беларусы раптам, без якой-кольвек нагоды і тлумачэнняў, абвінавацілі амерыканцаў у «бессардэчнай нядбайнасці і бязлітасным негатыўным стаўленні да іх менавіта тады, калі яны мелі найбольшую патрэбу ў падтрымцы». Пасля гэтага паведамлення група замоўкла канчаткова.

Для агенцтва выснова была відавочная: група знаходзіцца пад кантролем МДБ, і рана ці позна варта чакаць нечага падобнага да «пакаяльнага» эфіру варшаўскага радыё часоў аперацыі WiN.

Фрагмент дакумента аперацыі AEQUOR за 12 студзеня 1955 года з паведамленнем, што група, хутчэй за ўсё, пад кантролем МДБ. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Фрагмент дакумента аперацыі AEQUOR за 12 студзеня 1955 года з паведамленнем, што група, хутчэй за ўсё, пад кантролем МДБ. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

Было вырашана, што ЦРУ працягне прытрымлівацца палітыкі «без каментарыяў», Дзярждэпартамент — адмаўляць любыя абвінавачанні з боку СССР, а ўсю віну за праваленую місію возьмуць на сябе Рада БНР і асабіста Мікола Абрамчык. У адным з дакументаў ЦРУ наўпрост распісаны план прыкрыцця: Радзе БНР давядзецца заявіць, што гэта яны сілай уласных рэсурсаў дапамаглі групе дыверсантаў пранікнуць у Беларусь, каб працягваць барацьбу за незалежнасць. А яшчэ лепш сказаць, што гэтая падпольная група іх даўніх прыхільнікаў заўсёды і была ў Беларусі і аднавіла актыўнасць пасля вайны. І абавязкова падкрэсліць, што гэта не адзіныя такія актывісты ў Беларусі і барацьба з узурпатарамі-камуністамі працягваецца.

«Такі парадак дзеянняў адвядзе ўвагу ад ступені датычнасці ЗША. Ён таксама дапаможа падняць прэстыж Рады БНР сярод дыяспары, паказаўшы, што яна працягвае актыўную антыкамуністычную дзейнасць, і прыцягне ўвагу да таго, што антырэжымная барацьба на тэрыторыі СССР ідзе далей», — гаворыцца ў аналізе ЦРУ.

Службовая запіска па сітуацыі з групай пасля абрыву сувязі. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Службовая запіска па сітуацыі з групай пасля абрыву сувязі. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула
Службовая запіска па сітуацыі з групай пасля абрыву сувязі, прапановы па рэакцыі і перакладанні віны на Раду БНР. Крыніца: ЦРУ, паметкі аўтара артыкула
Службовая запіска па сітуацыі з групай пасля абрыву сувязі, прапановы наконт рэакцыі і перакладання віны на Раду БНР. Крыніца: ЦРУ, пазнакі аўтара артыкула

Складана сказаць, ці хвалявала агенцтва тое, што здарылася з закінутай у Беларусь групай на самай справе, і ці жывыя хлопцы, якіх яны столькі часу рыхтавалі да місіі. Амерыканцы даведаюцца пра гэта толькі праз два гады — і не ад сваёй разведкі, а з савецкай газеты. І ўсё будзе нашмат горш, чым яны чакалі.

Фінал гісторыі чытайце ў наступным, апошнім, матэрыяле «Пасланыя на смерць».