Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова, Янку Брыля і Алеся Разанава, Янку Маўра і Рыгора Барадуліна, Змітрака Бядулю і Уладзіміра Дубоўку. Герой гэтага тэксту — Пімен Панчанка.
1. Шчыра і сумленна перадаў у паэзіі рэаліі вайны
Сапраўднага паэта з Пімена Панчанкі зрабіла Другая сусветная вайна. Бо рэаліі, у якіх яму даводзілася існаваць датуль, не надта спрыялі творчаму росту.
Дзяцінства гэтага творцы рыфмуецца з дзяцінствам яшчэ аднаго класіка — Янкі Брыля. Абодва нарадзіліся ў 1917 годзе ў месцах, далёкіх ад радзімы, куды іх бацькі паехалі на заробкі: Брыль у Адэсе, а Панчанка — у Рэвелі (цяпер Талін, сталіца Эстоніі) у сям'і сялян з Ашмянчыны. Абодва будучыя пісьменнікі ў раннім дзяцінстве вярнуліся ў Беларусь. Аднак нашу краіну тады падзялілі суседзі, і Брыль, жыхар Заходняй Беларусі, трапіў у Польшчу — аўтарытарную, але з адноснай вольніцай і магчымасцю ў пэўнай ступені змагацца супраць улады. Панчанка, жыхар Усходняй Беларусі, аказаўся ў СССР, які неўзабаве стаў таталітарным.
У 1934 годзе Пімен скончыў настаўніцкія курсы ў Бабруйску, тады ж адбыўся яго літаратурны дэбют. Праз чатыры гады з’явіўся яго дэбютны зборнік «Упэўненасць».
«Назва маёй першай кнігі прыйшла ад самаўпэўненай маладосці, ад адчування, што ўсё пад сілу, на ўсё хапае сіл. Гэта адно. А другое — гэта тое, што сам лад жыцця рабіў нас упэўненымі ў шчаслівым заўтрашнім дні», — прызнаваўся праз гады Панчанка пра час, калі ішлі масавыя рэпрэсіі. У яго творах тых гадоў адчувалася шчырасць і адначасна катэгарычнасць, у вершах цяжка было пазнаць будучага класіка.
Пяць гадоў Панчанка працаваў настаўнікам і завочна вучыўся на філфаку мінскага педінстытута, а адразу пасля, у 1939-м, трапіў у армію. Падчас Другой сусветнай працаваў журналістам у вайсковых і франтавых газетах. У баях пад Масквой яго паранілі ў шыю. Менавіта ў тыя гады малады літаратар, па словах крытыка Рыгора Бярозкіна, «пачынае ўсё больш і больш асвойваць законы ўнутранага пераўтварэння з’явы ў перажыванне, факта ў пачуццё, у роздум, у споведзь».
Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.Не ён, а другія ішлі ў атаку,
Гранаты кідалі ў бліндажы,
Калолі фрыцаў, палілі танкі
І сцяг перамогі ўзнімалі ранкам
На заваёваным рубяжы.А ён свае косці з іржавых калючак
Сваімі рукамі без стогну аддзёр,
Зваліўся на травы, і стала балюча
І травам, і росам, і ветрам гаючым,
Што прыляцелі з валдайскіх азёр.Верш «Герой», 1943
«У [яго] творах перыяду вайны, пачынаючы з 1942−1943 гадоў, часцей за ўсё немагчыма знайсці мяжу паміж сферай інтымнага і грамадзянскага», — адзначаў даследчык Уладзімір Гніламёдаў.
Што ж, якой ты нi будзеш — i ноччу, i раннем,
Я пазнаю цябе, я не здраджу табе.
Перанесла ты гора i катаваннi
I зрабiлася мне даражэй i радней.Асушу твае слёзы,
Залячу твае раны,
Кожны лiст твой распраўлю рукою старанна.
Насаджу каля вёсак сады маладыя,
Каб ты вечна цвiла
I ў шчасцi расла,
Дарагая мая Беларусь!Фрагмент верша «Зварот», 1942
Дзень Перамогі Пімен Панчанка сустрэў у Іране. Яшчэ ў жніўні — верасні 1941 года СССР і Вялікабрытанія сумесна акупавалі гэтую нейтральную краіну. Гэта трактавалася як прэвентыўная мера ў супрацьвагу экспансіі нацыстаў у Еўропе, да таго ж дазваляла выкарыстоўваць Іран для транзіту паставак па праграме ленд-лізу. Панчанка трапіў туды ў 1944-м. Саюзнікі абавязаліся вывесці свае войскі з Ірана цягам шасці месяцаў пасля спынення вайны. Лондан тыя ўмовы выканаў, Масква — не, і беларус, які затрымаўся ў гэтай краіне на два гады, вымушана стаў часткай акупацыйных войскаў. Але сам сябе пераконваў, што ён «не заваёўнік, а жаданы друг».
Уражанні аб той краіне склалі цыкл вершаў пад назвай «Іранскі дзённік», найлепшыя з іх захаплялі перадачай мясцовага каларыту.
Гулам незнаёмым апалошча,
З-пад гары — агні, агні, агні.
І ляціць ад прывакзальнай плошчы
Чорны шах на бронзавым кані.Дзіўна тут усё і незнаёма:
Песня-крык і востры пах пладоў,
Казачныя постаці харомаў,
Сцены глінабітныя платоў.На асфальце трапяткія цені,
Пад ліствою звоняць арыкі,
I пераліваецца адзеннем
Буйны вір натоўпаў гаваркіх.I калі гарачымі вачыма
З-пад чадры іранка шугане,
Мімаволі ты прашэпчаш імя,
Чутае калісьці, — Шаганэ…Заламаўшы сінюю пілотку,
Паліцэйскі ішака вядзе.
На рагу з алахам на ўсю глотку
Брудны дэрвіш гутарку вядзе.Дзівімся крыху на шоўк і шалі
Згодна абавязку ўсіх гасцей.
Ды раскоша нас не спакушае —
Мы непараўнана багацей.Нейкія замежныя салдаты,
Зорку запрыкмеціўшы маю,
Па панелі грукаюць заўзята
I з павагай чэсць нам аддаюць.Верш «У Тэгеране», 1944
Аднак паэта хутка пацягнула дадому.
Сягоння з апошнiм вайсковым бiлетам
Дадому, дахаты са службы я еду.
I вецер дняпроўскi задзьмухаў старанна
З маёй гiмнасцёркi пылiнкi Iрана.
На мяккай пасцелi ў купэ не ляжыцца:
«Цi шмат яшчэ вёрстаў да Мiнска, скажыце?» —
Пытаю наiўна у нейкага дзеда,
Хоць ведаю добра: не першы раз еду.
А дзед гаваркi i рахманы. Адразу
Ён шчодра сыпнуў мне станцыйныя назвы:
«Вось зараз пад’едзем да горада Оршы».
I Орша здаецца за Вену не горшай.
«Далей будзе цiхая станцыя Слаўнае…»
Вядома, тут кожная станцыя слаўная.
Якiя знаёмыя назвы i словы,
Якая цудоўная родная мова!
I ўсё мiлагучна для слыху майго:
I звонкае «дзе», i густое «чаго».Фрагмент верша «Пад'язджаючы да Мінска…», 1945
«Непрыхаваная фізіялагічная радасць стомленага ад рознай персідскай тарабаршчыны вуха», — каментаваў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч гэты верш Панчанкі, адзін з першых напісаных пасля вяртання.
Але вайна не была забытая, водгулле яе адчувалася ва ўсёй далейшай творчасці Пімена. Напрыклад, у пазнейшым вершы пра салюты, які і цяпер, на фоне гераізацыі вайны, застаецца актуальным.
Грымяць, грымяць святочныя салюты…
I феерверкі зырка рассыпаюцца,
I дзетвара да батарэй збягаецца,
I смех, і крык на кожнай плошчы люднай.А мне заўсёды страшнавата робіцца.
Як неба засцілае дымам шызым.
I жаласна звіняць у вокнах шыбы,
I нечыя матулі сумна горбяцца.Руіны пад асфальтам ціха стогнуць,
I прывіды мінулага ўстаюць,
I б’юць гарматы ў маладосць маю,
I вусны ад пякельнай смагі сохнуць…Вам весела, шчаслівыя дурніцы,
Вас цешаць халастыя перуны,
А я ўвесь век нясу ўсё ад граніцы
Трывожныя калючыя зарніцы,
I плач, і хрып, і грукаты вайны.Нявесела, як сто гармат бабахне…
Нясцерпна горка гарадам згараць,
Нялёгка і героям паміраць,
I кожны подзвіг кроўю душна пахне…Сябры мае,
Прашу цішэй паліць:
Зямлі яшчэ баліць.
I мне баліць.Верш «Святочныя салюты», 1964
2. Без яго мы маглі б не мець Быкава
Восенню 1945 года Панчанка, яшчэ знаходзячыся за мяжой, даслаў у рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» трывожны «Ліст з Ірана», у якім крытыкаваў асобных калег за «брак унутранай праўдзівасці, недакладнасць паэтычнага слова, агульшчыну, недахоп цікавасці да ўнутранага ў чалавеку». Праўда, як пісаў Гніламёдаў, падобнага не пазбег і сам Пімен, паэзія якога з цягам часу «губляе рысы спавядальнасці, набытыя ў ваенны перыяд, адчуванне складанасці жыцця, якая аказалася як бы заслоненай радасцю перамогі». Гэта было заканамерна, бо працягваліся часы ўлады Сталіна, суворай цэнзуры і рэпрэсій.
Вяртанне Панчанкі да сябе пачалося ў хрушчоўскую адлігу. І не толькі ў вершах яно праяўлялася, але і ў кіраўнічай працы: у 1958–1966 гадах паэт быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». «Тут была вельмі сімпатычная рэдакцыя. <…> Звярталася ўвага на маладых. Міколу Аўрамчыка, які загадваў аддзелам паэзіі, паэты любілі, як бацьку», — расказваў Уладзімір Гніламёдаў. «Хадзіла, як байка, з вуснаў у вусны выслоўе <…> Аўрамчыка: „Я вашы вершы ўхваліў, падрыхтаваў да друку, але як скажа Пімен…“ Пімен быў сапраўдным рэдактарам, не ідэалагічным наглядчыкам, а пільнаваўся найперш свайго бездакорнага мастацкага густу. Ён выдатна адчуваў паэзію», — адзначаў паэт Анатоль Вярцінскі. Праз «Маладосць» без перабольшвання прайшла ўся беларуская літаратура. Напрыклад, гэта на яе старонках у 1964-м было апублікавана «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.
Аднак асабліва значную ролю гэтае выданне адыграла ў лёсе Васіля Быкава: большасць яго ранніх твораў друкавалася менавіта там. У 1960 годзе — аповесць «Жураўліны крык», у 1962-м — «Трэцяя ракета». «Панчанка сказаў мне з гэтага поваду трохі ласкавых словаў. Яны, ведама ж, узнімалі настрой, дадавалі жадання пісаць і яшчэ», — згадваў Быкаў пра другую публікацыю.
Без спрыяння і дапамогі Панчанкі яму было б куды цяжэй стаць тым творцам, якім ён урэшце стаў. Мемуары Быкава «Доўгая дарога дадому» поўныя ўдзячнасці да галоўнага рэдактара.
«Як заўжды, аповесць [„Альпійская балада“] першым выданнем выйшла ў „Маладосці“, якая працяглы час даволі ўважліва адносілася да маёй творчасці. Чаго нельга сказаць пра „Полымя“ — тады адмысловы орган, створаны для наменклатурнай пісьменніцкай эліты. Але мяне задавальняла і „Маладосць“, хоць мой узрост і перакрочыў маладзёвыя рамкі. У часе абавязковага тады папярэдняга абмеркавання на рэдкалегіі Пімен Панчанка сказаў: „Канешне, усё тое — няпраўда, а верыцца. Значыць, гэта — мастацтва“», — пісаў Быкаў.
Публікацыі празаіка-праўдалюба стваралі Панчанку праблемы, але адмаўляць яму ён не спяшаўся. Калі Быкаў прапанаваў для друку аповесць «Праклятая вышыня», галоўны рэдактар «Маладосці» толькі папрасіў арганізаваць, каб папулярны маскоўскі літчасопіс «Новый мир» далучыўся з публікацыяй рускамоўнага перакладу. Так ён у Мінску мог спаслацца на аўтарытэт гэтага выдання, на тое, што ўвагу на твор звярнулі ў самой савецкай сталіцы. Зрэшты, беларуская публікацыя ўсё роўна выйшла раней. Тады абышлося, але аповесць «Сотнікаў» Быкаў — каб не падстаўляць «мілага Пімена» — занёс ужо ў «Полымя».
Але ўрэшце менавіта твор гэтага празаіка міжволі спрычыніўся да звальнення Панчанкі. Быкаў напісаў аповесць «Ноч пасля свята». Панчанка параіў перайменаваць яе, каб не прыцягваць увагу цэнзуры, і аўтар вярнуўся да першапачатковай назвы «Мёртвым не баліць». Публікацыя ў «Маладосці» прайшла даволі спакойна. Але калі выйшаў пераклад у «Новом мире», пачалося шальмаванне Быкава за тое, што ён асмеліўся адысці ад кананічнага пафасна-гераічнага паказу вайны, маляваў савецкіх вайскоўцаў і сістэму змрочнымі — рэалістычнымі — фарбамі.
Акрамя аўтара, патрабавалася знайсці яшчэ кагосьці крайняга. Падчас праверкі высветлілася, што рэдакцыя «Маладосці» перад публікацыяй адзін раз зрабіла праўкі ў аповесць на загад «зверху», а другі раз адмовілася, нягледзячы на заўвагі з боку аднаго з чыноўнікаў.
У выніку Панчанку зрабілі вінаватым і вызвалілі ад пасады. Канчаткова ў няласку ён не трапіў: на наступныя шэсць гадоў яго абралі адным з сакратароў Саюза пісьменнікаў. Але ў 1972-м на яго просьбу-зварот да кіраўніка БССР Пятра Машэрава — Пімен хацеў стаць галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» — адказалі адмовай. У далейшым Панчанка больш не ўзначальваў ніводны калектыў, хоць яго кнігі выходзілі спраўна.
3. Быў галоўным паэтам-праўдалюбцам
Магчыма, галоўнай прычынай, чаму Пімен Панчанка так змагаўся за Васіля Быкава і яго праўду пра вайну, было тое, што і сам ён быў такім жа прынцыповым і шчырым.
«Гэта чалавек вельмі імпульсіўны. Другога такога праўдалюбца ў нашай паэзіі, напэўна, не было. Дзёрзкасць выяўлялася і ў ягоных паводзінах, і ў вершах, якія цэнзура здымала цэлымі дзесяткамі. Правіць ён не хацеў, таму выхад кніг затрымліваўся. А вось выступаць на публіцы не любіў, і гэта ў яго не атрымлівалася, — расказваў пра яго паэт Мікола Аўрамчык і дадаваў: — Пімен быў вельмі настроены на паэзію. Увесь час думаў пра гэта і пісаў. Таму, калі мы бавілі дзень разам і ён пачынаў мармытаць, я пакідаў яго — значыць, ужо нешта складае».
Панчанка сапраўды рэгулярна сутыкаўся з цэнзурай. У 1948 годзе з друку знялі шэсць яго вершаў, у 1956-м — тры і г. д. Ці не самы вядомы прыклад звязаны з хрэстаматыйным вершам «Родная мова».
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад…Фрагмент верша «Родная мова», 1964
Далей школьнікі шмат гадоў чыталі ў падручніках такі фінал:
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
Насамрэч жа ў зыходнай версіі ў канцы верша гучаў пратэст супраць русіфікацыі краіны.
Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна…
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!
Але Панчанку пад пагрозай забароны публікацыі кнігі прымусілі перапісаць фінал.
Цікава, што на гэтым праблемы верша не скончыліся. Праз дзесяць гадоў, у сямідзясятых, яго рыхтавалі да публікацыі ў выданні ЮНЕСКА. Але на цэнзурнай праверцы гэты твор знялі. «Для падобнай высновы [пра магчымасць знікнення беларускай мовы] ў нашай савецкай рэчаіснасці няма аніякіх падстаў. Змяшчэнне ж гэтага верша ў падобным выданні дало б зачэпку розным буржуазным нацыяналістам весці размовы пра прыгнёт беларускага народа як нацыі», — абгрунтаваў цэнзар сваё рашэнне.
Панчанку даводзілася пісаць і «ў стол». Створаны ў 1956-м верш «На сходах часта ў звон мы гучна б’ём…» быў апублікаваны толькі ў 1993-м, праз 37 гадоў:
Каб разжаваць пытанняў важных соль,
Да старшыні ў кабінет нас клічуць.
«Трэ узгадніць!» — і пальцам тыц у столь,
А там, наверсе, столь падлогай лічаць.
Многія выслоўі Панчанкі сталі цытатамі: «Без чалавечнасці не будзе і вечнасці», «Чаму зад бюракратычны душыць лад дэмакратычны», «А страціць годнасць — невыносна» і г. д. Аднак Пімен настолькі часта і аператыўна адгукаўся на бягучыя падзеі, што ў яго часам з’яўляліся вершы, якія пісьменнік Янка Брыль назваў «газетнай філасофіяй». Яны былі настолькі публіцыстычныя і «на злобу дня», што значылі нешта толькі ў сваім часе.
На шчасце, такімі былі далёка не ўсе. У 1976-м паэт апублікаваў верш, які можна лічыць ягоным творчым крэда.
Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлуснёй не мiрыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць.Гэтым бы i кiравацца…
Толькi і зло, i хлусня
Хiтра маскiравацца
Вучацца спрытна штодня.Нехта i подлы, i хiжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам бiцца — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.
Пазней музыкант Лявон Вольскі стварыў на гэтыя словы кампазіцыю, якая ўвайшла ў яго другі сольны альбом «Белая яблыня грому» (2010) — па словах крытыкаў, атрымалася «прыгожая рэтра-рок-балада».
4. Спалучаў у лірыцы жыццёвае і ўзнёслае
«У ёй (паэзіі Панчанкі. — Заўв. рэд.) рабілася арганічным сплавам побытавае і ўзнёсла-ідэальнае. Іначай кажучы — зямное й нябеснае. Гэтыя ягоныя парыванні ў будучыню, да абсалюту, да ідэалу. Часам, я згодны, ён збіваўся на „газетную філасофію“, але сілай панчанкаўскага таленту і яна выходзіла на нейкае незвычайнае абагульненне», — казаў паэт Анатоль Вярцінскі.
Напрыклад, на рахунку Панчанкі — сапраўдны шэдэўр лірычнай паэзіі.
Лясы нырнулі ў хмары шэрыя,
Прыкрыўшы голлем птушанят.
А ты смяялася, не верыла,
Што будзе дождж, што будзе град.Углыб, углыб усё імчалася
І за сабой мяне вяла;
Хавала вочы і смяялася
І нейкай дзіўнаю была.А гром рыкаў ужо раз’юшана
За кожнай елкай і сасной.
І прашаптала ты ўзрушана:
«Што ж нам рабіць, харошы мой?»А елка, хітрая і цёмная,
У сховішча пазвала нас.
Я вочы цёмныя, бяздонныя
Так блізка ўбачыў першы раз.Завесілі нас ліўні белыя,
Загінуў свет, дарог няма.
І да мяне, заўжды нясмелая,
Ты прыгарнулася сама.Стагналі дрэвы мнагарукія,
Ламаўся з грукатам прастор,
І сэрцы ў лад грымотам грукалі,
І бліскавіцы секлі бор…Забуду ўсё: сяброў і вершы я,
Ды зберагу да скону дзён
Гарачых вуснаў шчырасць першую,
Ігліцы пах і ліўня звон.
Апісанне прыгажосці прыроды ў творах паэта пераходзіць у філасофскія развагі пра сэнс жыцця і сусвету.
Жнівеньская ноч як звар’яцела,
Развязала чорныя мяхі.
Сотні тысяч зорак пераспелых
Сыплюцца на мокрыя імхі.Галаву і сэрца мне працяла
Млечным Шляхам.
Край сасновы мой
Сёння ноччу нейкім стаў працягам
Зорнай таямніцы векавой.Балбатня пра атамы — пустое,
Бо у прыгажосці — свой закон.
Толькі гэта неба залатое
Назаўжды ўзяло мяне ў палон.Загадайце, хлопцы і дзяўчаты,
Спраўдзіцца усё ў жыцці у вас…
Зоркі, не пагасніце дачасна,
Я люблю вас,
Я кахаю вас.
У пачатку 1990-х Панчанка пісаў пра свайго калегу Рыгора Барадуліна: «У апошнія гады паэт напісаў многа вершаў і паэм, у якіх ён пазбавіўся палітызацыі і публіцыстычнасці (якімі многа грашылі некаторыя паэты, у тым ліку і я). Барадулін дападаў да самых першародных асноў народнага жыцця, працы, звычак, абрадаў, светапогляду». Як каментаваў Уладзімір Гніламёдаў, «нешта падобнае можна было сказаць і пра самога Панчанку, які ў гэты час таксама пачаў „дападаць“ да першародна-анталагічных пластоў чалавечага быцця, ізноў пісаць пра „нятленнае“, пра вечнае». Зрэшты, тое і раней сустракалася ў яго творчасці.
То ў надзеях, то ў скрусе
Безаглядна жывеш.
Нібы конь той, па крузе
Усё ідзеш і ідзеш.Іншы раз ірванешся —
Па гаючы глыток
Паляціш.
Спадзяешся:
Будзе новы віток.Спадзяешся і верыш,
Што наперадзе ёсць
I паэзіі неруш,
I сама маладосць.Мы штодня сабе хлусім…
Ну а ісціна дзе ж?
Нібы конь той, па крузе
Усё ідзеш і ідзеш.Дні імчацца імкліва,
Не шкадуючы сіл,
За апошні маўклівы
Свой зямны небасхіл.Я не веру у цуды,
I туга не грызе…
Я развеяны ўсюды
Па шматку, па слязе.На дарозе суровай
Недзе там, за табой,
I ласкавыя словы,
I пякучы мой боль.Было шчасця не многа.
Больш агонь ды бяда…
Не шкада мне нічога?
Усяго мне шкада.1976
Па словах даследчыка Анатоля Сідарэвіча, у 1980-х Панчанка паглыбляецца ў філасофію і экзістэнцыйную тэматыку.
Не гаварыце мне пра гены,
Не гаварыце мне пра код…
Які ён, той касмічны геній,
Што склаў жыцця няспынны ход?Законы вечнага кружэння:
Расці, цвісці, спяваць, шумець.
Тут смерць
— І зноўку нараджэнне,
Жыццё
— І зноў глухая смерць.
5. Пакаяўся за сябе і за ўсіх
Нягледзячы на шматлікія прыклады цэнзуры, Панчанку, нацыянал-камуністу паводле перакананняў, грэх было скардзіцца на недахоп афіцыйнага ўшанавання. На яго рахунку — Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1968), званне народнага паэта Беларусі (1973), Дзяржаўная прэмія СССР (1981) і іншыя ўзнагароды. А ўжо ў незалежнай Беларусі, за год да смерці, ён стаў ганаровым акадэмікам Акадэміі навук (1994).
Падобную тактыку пугі і перніка савецкія ўлады ўжывалі да многіх творцаў. Таму ж Быкаву адной рукой давалі высокія ўзнагароды, а другой выкрэслівалі з тэкстаў цэлыя старонкі. Але і такога моцна крытычнага стаўлення да ўлады, як у Быкава, Панчанка не меў. Наадварот, ён дзесяцігоддзі жыў ілюзіямі, шчыра ствараючы захопленыя творы пра камуністычную партыю і яе лідара Уладзіміра Леніна.
Аднак з узростам Пімен здолеў пераасэнсаваць свае погляды. У 1986 годзе выходзіць яго «Паэма сораму і гневу».
Я рос бяздумным дурнем, як і ўсе.
І славіў росквіт,
Светлы век машынны.
Глядзеў з пагардай на каня ў аўсе,
На воз бацькоўскі свежай канюшыны.
У гэтым творы паэт прызнае сваю асабістую адказнасць за злачынствы савецкай эпохі, бо ён быў іх саўдзельнікам, як усе, хто верыў у савецкі лад і не разумеў яго заганнасці.
Я цэрквы закрываў,
Я абразы паліў,
Сялянскую маёмасць перапісваў.
I нюхалі нішчымныя палі
Кароў галодных
Родныя мне пысы.<…>
Я сек сады,
Прынёс бяду лясам,
Я сеяў кукурузу на балотах.
Абкрадзены народ пачаў цягнуць і сам,
І п’яніцы валяліся пад плотам.<…>
То я ўзрасціў няўмек і гультаёў.
Застой. Крадзёж.
На складах — горы дрэні.
Зямлі і праўды,
Мовы і гаёў
Ірвалі мы спрадвечныя карэнні.
Між тым дзеянні ўлады ў сваіх творах ухвалялі сотні, калі не тысячы літаратараў, але мужнасці пакаяцца хапіла адзінкам.
У тым жа 1986-м з’яўляецца яшчэ адзін рэзкі верш Панчанкі, накіраваны супраць русіфікацыі.
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Дратавалі, здзекваліся, мучылі…
Ты жыла і ў працы і ў баях.
Пра цябе, як сонечнае дзіва,
I Купала, ды і ўсе мы снілі сны…
Ад цябе, ласкавай і праўдзівай,
Адракаюцца цяпер твае сыны.
Пра народ мой, церпялівы, працавіты,
Помняць партызанскія лясы…
Хто за намі? Пакаленне прагавітых.
Халуёў я чую галасы.
Я спяваў пра жыта і пра жаўранкаў,
Ненавідзеў акупантаў і прыгнёт,
А сягоння — вялікадзяржаўнікаў,
Што разбэсцілі вялікі мой народ.Навучылі не рабіць —
Хлусіць і красці.
Дзеці ў школы з іншай моваю бягуць.
Я хацеў, нашчадкі, вас праклясці,
Ды люблю сваю зямлю… і не магу.
Віншуючы Міколу Аўрамчыка з Новым 1987 годам, Пімен напісаў у паштоўцы:
Мы стаміліся ад хлусні,
Мы стаміліся ад ліцамер'я.
Беларусь можна толькі сасніць:
беларуская мова замерла.
Мы стаміліся ад маны.
Мы стаміліся ад крывадушша.
І пакрылі наўкол туманы
Нашу праўду, сумленне і мужнасць.
Імкнучыся супрацьстаяць русіфікацыі, Панчанка падпісаў зварот на імя апошняга савецкага генсека Міхаіла Гарбачова супраць знішчэння беларускай мовы (усяго яго падпісалі 26 дзеячоў, у тым ліку Васіль Быкаў, яго пазней так і называлі — «Ліст дваццаці шасці»). Дзякуючы гэтаму звароту Масква дазволіла выпускаць часопісы «Беларуская мова і літаратура ў школе» (цяпер «Роднае слова»), «Спадчына» і «Крыніца», была заснаваная бібліятэка сусветнай класікі, якая выходзіла на беларускай, і гэтак далей.
Пімен Панчанка нават увайшоў у аргкамітэт па стварэнні Беларускага народнага фронту (праўда, неўзабаве адышоў ад яго дзейнасці — магчыма, праграма падалася яму занадта радыкальнай). Далей ён стаў адным з заснавальнікаў беларускага ПЭН-цэнтру — літаратурна-праваабарончай арганізацыі, якая была ў пэўнай ступені альтэрнатыўнай афіцыйнаму Саюзу пісьменнікаў.
Ужо ў незалежнай Беларусі паэт разам з аднадумцамі прапаноўваў прыняць у якасці дзяржаўнага гімна верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», які сканчваўся радкамі «Жыві, Беларусь».
Стаўленне да чырвона-зялёнага сцяга, які з’явіўся ў 1951-м, у Панчанкі было адмоўным. Ён пісаў: «Некалі баязлівыя чыноўнікі замест белага колеру навязалі сцягу карункі з жаночай спадніцы (арнамент. — Заўв. рэд.). З цягам часу прывыклі, забыліся, а ў той, памятаю, час з беларускага сцягу смяяліся: ну і сімвал…»
Сапраўды сімвалічна, што за паўстагоддзя да незалежнасці, у ваенным 1942-м, у газеце «За свабодную Беларусь», якая выдавалася на беларускай мове адным з франтоў, з’явіўся верш «Партызанскі марш» — беларускі пераклад верша рускага паэта Аляксея Суркова. Выканаў яго Пімен Панчанка.
Ніколі не згіне ад лютых пажараў
вялікі і слаўны наш Край.
У бой за Радзіму збірайся, таварыш,
ідзі партызаніць у гай.
На прускага ката
за вёску і хату
кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку лясныя салдаты,
грукочуць гранаты, грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь! Жыве!




